«РАЗДА́ВІМ ФАШЫ́СЦКУЮ ГА́ДЗІНУ»,
сатырычнае выданне для насельніцтва і партызан Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Выходзіла з ліп. 1941 да мая 1945, спачатку на рус., з сак. 1942 на бел. мове; да сак. 1942 агітплакат, пазней газета-плакат, сатыр. часопіс ЦК КП(б)Б. Выдавалася ў Гомелі, потым у прыфрантавой паласе і ў Маскве, пасля ў Навабеліцы (цяпер у межах Гомеля) і Мінску. Змяшчала фельетоны, памфлеты, сатыр. вершаваныя і празаічныя літ. творы, карыкатуры, якія высмейвалі акупантаў і іх памагатых, заклікалі да актыўнай барацьбы з ворагам. У выданні друкаваліся творы Я.Коласа, Я.Купалы, А.Астрэйкі, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, К.Крапівы, М.Лужаніна, П.Панчанкі, М.Танка, М.Чавускага, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, малюнкі І.Ахрэмчыка, Л.Брадатага, В.Букатага, К.Елісеева і інш. мастакоў. Са жн. 1945 выходзіць як сатыр.-гумарыстычны час. «Вожык».
М.П.Пазнякоў.
т. 13, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)